2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля завяршэння трэцяга этапу Кубка свету па кулявой стральбе ў нямецкім Мюнхене Міжнародная федэрацыя спартыўнай стральбы апублікавала абноўлены рэйтынг-ліст самых моцных спартсменаў свету. У дзясяткі лепшых стралкоў у дзвюх дысцыплінах уваходзяць два спартсмены нацыянальнай зборнай Беларусі - Віталь Бубновіч і Юрый Шчарбацэвіч, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Найбольш высокую пазіцыю сярод беларусаў займае Віталь Бубновіч. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на дыстанцыі 10 м у яго 6-ы рэйтынг (1324 ачкі). Яго калега Юрый Шчарбацэвіч знаходзіцца на 7-м месцы сярод майстроў стральбы з малакалібернай вінтоўкі на дыстанцыі 50 м са становішча лежачы (1091). Тут жа лідар зборнай Беларусі Віталь Бубновіч мае 11-ы рэйтынг (910), а алімпійскі чэмпіён 2012 года ў гэтым практыкаванні Сяргей Мартынаў - 38-ы (196).
У Віталя Бубновіча 11-ы рэйтынг (932) таксама ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі на дыстанцыі 50 м з трох палажэнняў. У першыя паўсотні ўваходзяць таксама беларусы Ілья Чаргейка (26-е месца; 390) і Юрый Шчарбацэвіч (28-е; 306).
Сярод беларускіх "пісталетчыкаў" найбольш высокія месцы ў сусветным рэйтынгу займаюць Яўген Зайчык, які знаходзіцца на 36-м месцы (158) у стральбе з пнеўматычнага пісталета на дыстанцыі 10 м, а таксама Вікторыя Чайка. У аналагічнай дысцыпліне сярод жанчын яна 44-я (100).
Як паведамлялася раней, беларускія майстры кулявой стральбы Віталь Бубновіч і Юрый Шчарбацэвіч кваліфікаваліся для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 года.