27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены заваявалі другі медаль на ІІ зімовых Міжнародных спартыўных гульнях "Дзеці Азіі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Па выніках спаборніцтваў па фігурным катанні ў юнакоў на трэцюю прыступку п'едэстала падняўся наш Васіль Барахоўскі. Пасля кароткай праграмы, якая адбылася напярэдадні, беларускі фігурыст ішоў пятым, адстаючы ад тройкі лепшых на 8 балаў. Аднак у адвольнай праграме Васіль паказаў трэці рэзультат, што і дало магчымасць заваяваць бронзу па суме двух пракатаў (204,48 бала). Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі Павел Гаўдзіс заняў 7-е месца сярод 15 удзельнікаў. Дзяўчаты вызначаць прызёраў у фігурным катанні 28 лютага.
Другія зімовыя Міжнародныя спартыўныя гульні "Дзеці Азіі" праходзяць у Кемераве, Новакузнецку, Міжрэчанску і Таштагольскім раёне Кемераўскай вобласці. На спаборніцтвах разыгрываюцца 57 камплектаў медалёў у 10 відах спорту. Беларускую каманду прадстаўляюць 68 атлетаў у васьмі відах, усяго ўдзел у гульнях прымаюць 865 юных спартсменаў з 13 краін.