9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія школьнікі заваявалі чатыры медалі на 29-й міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі ў Бялградзе (Сербія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі Беларусі.
Лепшым быў прызнаны вучань гімназіі нумар 3 Магілёва Павел Стульнікаў - ён прывёз з Бялграда залаты медаль. Тры гімназісты з Мінска, Віцебска і Брэста па выніках алімпіяды ўдастоены бронзавых узнагарод. Узначальвалі каманду загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці геаграфічнага факультэта БДУ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Генадзь Озем і дацэнт кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ, кандыдат геаграфічных навук Людміла Факеева.
Міжнародная алімпіяда па геаграфіі праводзілася 2-7 жніўня. Канкурэнцыю беларускай зборнай склалі 160 школьнікаў з 41 краіны свету.
Удзельнікі павінны былі прадэманстраваць не толькі валоданне прадметам, але і добрае веданне англійскай - афіцыйнай мовы алімпіяды. Юныя географы спаборнічалі ў трох дысцыплінах: пісьмовы тэст, мультымедыйны тэст і палявое назіранне.