7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія школьнікі сталі сярэбранымі прызёрамі XIV Усерасійскай адкрытай палявой алімпіяды юных геолагаў у Татарстане, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У беларускую каманду ўвайшлі вучні 8-11-х класаў сталічнай гімназіі нумар 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Паліна Вільчак, Ганна Вайцяховіч, Данііл Гінько, Багдан Канстанцінаў, Міхаіл Гаспадарык, Арсеній Лазарэвіч, Сафія Тазіева і Марыя Загарэўская. У іх скарбонцы таксама перамога на Беларускай алімпіядзе юных геолагаў, VI Казахстанскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў, на VIII Рэспубліканскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў у Татарстане каманда была ў ліку прызёраў.
Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ, старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Уладзімір Махнач і дырэктар гімназіі нумар 5 Жанна Гвозд.
Алімпіяда ўключала ў сябе 11 шматпрофільных геалагічных спаборніцтваў, якія складаліся з тэарэтычных пытанняў і выканання ў палявых умовах практычных заданняў па гідралогіі, геалагічным маршруце, апісанні геалагічнага помніка прыроды, радыяметрыі, мінералогіі і шмат іншага. Беларускія гімназісты Ганна Вайцяховіч, Багдан Канстанцінаў і Сафія Тазіева па выніках чатырох конкурсаў і навукова-практычнай канферэнцыі ўвайшлі ў топ-20 лепшых алімпіяднікаў.
У міжнародным заліку за перамогу змагаліся лепшыя юныя геолагі Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана. Першае месца заваявалі прадстаўнікі Расіі, на трэцім месцы - зборная Узбекістана.
Спаборніцтвы прайшлі з 27 ліпеня па 6 жніўня ў Альмецьеўску (Татарстан, Расія).