18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія плыўцы Павел Санковіч, Ілья Шымановіч, Яўген Цуркін і Антон Латкін заваявалі бронзавы медаль у камбінаванай эстафеце 4х50 м на чэмпіянаце Еўропы ў 25-метровым басейне ў Капенгагене, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перамаглі ў эстафеце з сусветным рэкордам расіяне, у камандзе якіх выступілі Клімент Калеснікаў, Кірыл Прыгода, Аляксандр Папкоў, Уладзімер Марозаў - 1 мін 30,44 сек. Другое месца занялі італьянцы - 1 мін 31,91 сек. Беларускі квартэт паказаў трэці рэзультат - 1 мін 32,06 сек.
Беларусы выйшлі ў фінал з кваліфікацыі з лепшым часам, але ў вырашальным заплыве са старту ім давялося даганяць расіян і італьянцаў. Пасля другой перадачы эстафеты Яўген Цуркін свае 50 м батэрфляем праплыў за 22,23 сек і вывеў беларускі квартэт на другое месца. Аднак заключныя 50 м вольным стылем Антону Латкіну спаборнічаць у хуткасці з расіянінам Уладзімірам Марозавым і італьянцам Лукой Дота было складана.
У заключны дзень чэмпіянату Еўропы Павел Санковіч таксама выступіў на сваёй кароннай дыстанцыі 50 м на спіне, але заняў чацвёртае месца - 23,13 сек. Раней Санковіч на чэмпіянаце свету на кароткай вадзе стаў бронзавым прызёрам з рэзультатам 23,03 сек.
Зборная Беларусі на кантынентальным форуме ў Капенгагене заваявала дзве ўзнагароды. Як паведамлялася, 14 снежня квартэт у складзе Паўла Санковіча, Ільі Шымановіча, Настассі Шкурдай і Юліі Хітрай заваяваў сярэбраную ўзнагароду. У медальным заліку чэмпіянату перамаглі плыўцы з Расіі - 8 залатых, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя ўзнагароды.