27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія кнігі пазмагаюцца за ўзнагароды XV Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
Свае лепшыя выданні на міжнародны конкурс "Мастацтва кнігі" ў Душанбэ прадставілі "Мастацкая літаратура", "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Беларусь", "Вышэйшая школа" і іншыя айчынныя выдаўцы.
Па традыцыі беларускія кніжнікі заўсёды дастойна вытрымлівалі творчую, прафесійную канкурэнцыю - і ў частцы зместу, і ў частцы вёрсткі і афармлення, паліграфічнага выканання кнігі. Неаднаразова беларускія выданні станавіліся пераможцамі гэтага прэстыжнага конкурсу.
Пасяджэнне журы XV Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў пройдзе ў сталіцы Таджыкістана з 28 па 30 чэрвеня.