16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Католікі Беларусі 20 верасня далучацца да сусветнай малітвы за мір. Аб гэтым расказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у час пастырскай сустрэчы ў сталіцы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Рымска-каталіцкай царквы.
Мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір пройдуць 18-20 верасня ў Асізі (Італія). Як адзначыў мітрапаліт Кандрусевіч, 20 верасня ва ўсіх прыходах Беларусі пасля святой імшы адбудзецца спецыяльнае богаслужэнне.
На сустрэчы ў Італіі збяруцца каля 400 прадстаўнікоў рэлігій, палітыкаў і дзеячаў культуры.
Першы Сусветны дзень малітвы за мір, які традыцыйна праходзіць у Асізі, быў праведзены 30 гадоў таму, у 1986 годзе, па ініцыятыве святога Папы Іаана Паўла II. З таго часу ён праводзіцца там штогод.