28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-17) трэці раз сталі ўладальнікамі Кубка развіцця, розыгрыш якога завяршыўся 28 студзеня ў мінскім футбольным манежы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вырашальным паядынку за галоўны прыз 15-га па ліку турніру падапечныя Міхаіла Мархеля сустракаліся з равеснікамі з Ізраіля і перамаглі з мінімальнай перавагай 1:0. Пераможны гол на 60-й мінуце гульні забіў Макар Ліцкевіч. Яго таварыш па камандзе Руслан Лісаковіч быў прызнаны лепшым іграком Кубка развіцця - 2019. Прызы лаўрэатам спаборніцтваў уручыў старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас.
На гэтым турніры Беларусь прадстаўляла каманда, якая складаецца з ігракоў не старэйшых за 2002 год нараджэння. Мінулай восенню яны прабіліся ў элітны раўнд адборачнага турніру юнацкага чэмпіянату Еўропы - 2019. У сакавіку беларусы будуць сапернічаць з камандамі Германіі, Ісландыі і Славеніі за выхад у фінальную стадыю кантынентальнага першынства.
У матчы за 3-е месца зборная Славакіі выйграла ў Грузіі з лікам 2:0.
Мінулыя гады беларускія футбалісты двойчы станавіліся пераможцамі гэтых спаборніцтваў (2006, 2007). Найбольшая колькасць трафеяў у расіян - пяць (2008, 2010, 2014, 2015, 2017). На папярэднім турніры трыумфатарамі сталі юныя футбалісты Украіны, у якіх чатыры вікторыі (2009, 2012, 2016, 2018).
Турнір юных футбалістаў у беларускай сталіцы праводзіўся асацыяцыяй "Беларуская федэрацыя футбола" пры падтрымцы ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і Мінгарвыканкама.