5 верасня, Мінск /Аляксандр Жыбуль - БЕЛТА/. У французскім Маконе завяршыўся чэмпіянат свету сярод юніёраў па барацьбе. Беларускія спартсмены заваявалі чатыры медалі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік грэка-рымскай барацьбы Арсен Сычоў у вагавой катэгорыі да 96 кг толькі ў фінале ўступіў Георгію Меліа з Грузіі - 3:4. Да вырашальнага паядынку беларускі атлет атрымаў чатыры перамогі. Выйшла ў фінал у катэгорыі да 63 кг беларуска Надзея Драгунова, якая не змагла знайсці аргументаў на дыване супраць прыёмаў японкі Аяне Гемпей - 0:10.
Бронзавыя ўзнагароды ў скарбонку зборнай Беларусі прынеслі Яўгенія Андрэйчыкава ў катэгорыі да 72 кг і прадстаўнік вольнага стылю барацьбы Дзяніс Хроменкаў, які ў схватцы за бронзавую ўзнагароду перамог Маджыда Муратава з Узбекістана - 6:2.
Як адзначылі ў Беларускай федэрацыі барацьбы, у юніёрскай камандзе ёсць нямала здольных барцоў, якія ўжо ў бягучым алімпійскім цыкле могуць пазмагацца за ліцэнзію ў Токіа, дзе пройдзе Алімпіяда ў 2020 годзе.
На мінулых XXXI летніх Гульнях у Рыа зборная Беларусі па барацьбе заваявала тры ўзнагароды.