23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларускія атлеты заваявалі 14 медалёў на чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай акрабатыцы ў польскім горадзе Жэшаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.У заключны дзень спаборніцтваў беларускія спартсмены прынеслі зборнай чатыры медалі.
У балансавым практыкаванні змешаных пар на другую прыступку п'едэстала з рэзультатам 29,440 бала падняліся Артур Белякоў і Вольга Мельнік. Лепш выступілі толькі тытулаваныя расіяне Марына Чарнова і Георгій Патарая.
Бронзавы медаль у дынамічных практыкаваннях заваявалі Карына Сандовіч, Юлія Івончык і Вераніка Набокіна - 28,140 ачка, уступіўшы саперніцам з Вялікабрытаніі і Расіі.
Сярод юніёраў у спаборніцтвах мужчынскіх пар сярэбраны медаль у балансаванні дастаўся Алегу Міхалевічу і Максіму Маркевічу. У спаборніцтвах мужчынскіх груп у балансавых практыкаваннях на трэцюю прыступку п'едэстала гонару падняліся Мікіта Барысенка, Уладзіслаў Лішоў, Арцём Бухвалаў і Раман Макаранка. У суме спартсмены набралі 25,260 бала.
Раней паведамлялася аб 10 медалях на рахунку беларускай зборнай у розных узроставых групах.
Спартыўная акрабатыка будзе прадстаўлена ў Мінску на II Еўрапейскіх гульнях.