21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень адкрытых дзвярэй пройдзе 24 мая ў беларускіх аграсядзібах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў БГА "Адпачынак у вёсцы".
У час акцыі турысты змогуць бясплатна наведаць сядзібы і азнаёміцца з магчымасцямі адпачынку ў беларускай вёсцы. Як правіла, у гэты дзень кожная сядзіба сустракае наведвальнікаў спецыяльнай праграмай, гаспадары аграсядзіб праводзяць экскурсіі і прэзентацыі мясцовых абрадаў, знаёмяць гасцей з турыстычнымі маршрутамі. У многіх сядзібах запланаваны сустрэчы з мясцовымі музыкантамі і рамеснікамі. На майстар-класах турыстаў таксама навучаць валіць валёнкі, гатаваць сыр і варыць мыла. Ні адзін дзень адкрытых дзвярэй у сядзібах не праходзіць без частавання фірменнымі стравамі гаспадынь аграсядзіб. Напрыклад, у Расонскім раёне гасцей будуць частаваць блінамі на казіным малаку, дамашнім хлебам і дранікамі пад грыбным соусам.
Спіс сядзіб, якія ўдзельнічаюць у акцыі, а таксама дадатковую інфармацыю можна атрымаць на сайце БГА "Адпачынак у вёсцы". Да акцыі далучаюцца аграсядзібы ўсіх абласцей краіны.
Дзень адкрытых дзвярэй сімвалізуе адкрыццё летняга сезона і павінен прыцягнуць увагу турыстаў, якія плануюць адпачыць у Беларусі. Упершыню ён прайшоў у краіне ў 2012 годзе. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, БГА "Адпачынак у вёсцы" і гаспадароў аграсядзіб.
На пачатак года ў Беларусі было зарэгістравана 2037 аграсядзіб (гэта на 156 сядзіб больш, чым на пачатак 2014 года). Іх паслугамі ў мінулым годзе скарысталіся 318,8 тыс. чалавек, што на 17,3 працэнта больш, чым у 2013 годзе. Амаль 87 працэнтаў тых, хто адпачываў у аграсядзібах, - беларусы.