4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія і італьянскія музыканты выступяць 6 студзеня з сумеснай канцэртнай праграмай на фестывалі "Творчасць без межаў" у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
На канцэрце выступяць госці з Італіі - калектыў L’Orchestra Fiati Giovanile Interprovinciale (кіраўнік - Клаўдыа Феракуці). Гэта новы праект, у які ўвайшлі маладыя музыканты двух духавых аркестраў з гарадоў Мантэджорджа і Монтэ-Сан-Джуста. Таксама гледачы змогуць пачуць выступленне ўзорнага эстрадна-сімфанічнага аркестра Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (дырыжор - В. І. Быкаў). Са сцэны прагучаць творы беларускіх і замежных кампазітараў, народная і класічная італьянская музыка.
Сумесная канцэртная праграма прызначана пасадзейнічаць сацыялізацыі і адзінству розных нацыянальных культур, павышэнню прафесійнага майстэрства кіраўнікоў калектываў, азнаёміць з гісторыяй і культурай абедзвюх краін, дапамагчы кожнаму ўдзельніку раскрыць свой талент і музычныя здольнасці.
Мерапрыемства адбудзецца з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і пры падтрымцы пасольства Італіі ў Беларусі.