18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская веласіпедыстка Таццяна Шаракова па выніках трох этапаў заняла трэцяе месца ў агульным заліку Кубка свету ў омніуме. Гэта стала вядома пасля заключнага этапу Кубка свету па веласпорце на трэку, які прайшоў у Ганконгу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Выступленне ў Ганконгу не прынесла Таццяне Шараковай медаля ў омніуме. Па выніках двухдзённай барацьбы, якая ўключала шэсць гонак, беларуска заняла пятае месца.
У агульным заліку Кубка свету ў омніуме Таццяна Шаракова набрала 300 ачкоў. Такая ж колькасць балаў ва ўладальніцы другога месца брытанкі Лары Трот, якая выйграла гэты від у Ганконгу. Першае месца па выніках сезона ў Кірстэн Вілд з Нідэрландаў - 308 ачкоў. Папярэднія два этапы Кубка свету па веласпорце на трэку прайшлі ў калумбійскім Калі, дзе беларуска заняла 5-е месца, і ў новазеландскім Кембрыджы, дзе яна стала сёмай.
Выступленне Таццяны Шараковай на Кубку свету практычна гарантавала Беларусі ліцэнзіі на Алімпіяду ў Рыа ў гэтым відзе праграмы. Еўрапейскім веласіпедыстам у омніуме на Алімпіядзе адводзіцца восем месц. Перад чэмпіянатам свету ў Лондане, які пройдзе з 2 па 4 сакавіка бягучага года і стане заключным этапам адбору, Беларусь дзеліць у алімпійскім рэйтынгу 4-5-е месца (717 ачкоў) з Францыяй.