25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка прабілася ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-250 у Варшаве з прызавым фондам $259 тыс., паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў першым раўндзе адзіночнага разраду беларуска, якая займае 240-е месца ў сусветным рэйтынгу, за дзве гадзіны перамагла ў трохсэтавым паядынку францужанку Джэсіку Паншэ, у якой 140-я пазіцыя, - 6:4, 3:6, 7:5. У матчы за пераход у чвэрцьфінальную стадыю Юлія Гатоўка сустрэнецца з пераможцай матчу паміж прадстаўніцай Чэхіі Кацярынай Сіняковай (37-ы нумар сусветнага рэйтынгу) і брытанкай Хізер Уотсан (146).
Беларуска Аляксандра Сасновіч (75) таксама ў трохсэтавай сустрэчы ўступіла чэшцы Караліне Мухавай (18) - 6:4, 6:7 (0:7), 3:6. Гульня доўжылася 2 гадзіны 33 мінуты. У другім раўндзе саперніцай Мухавай будзе славацкая тэнісістка Рэбека Шрамкава (174).
У парным разрадзе беларускі дуэт Аляксандра Сасновіч / Лідзія Марозава выйшаў у чвэрцьфінал, перамогшы ў дзвюх партыях грузіна-японскі тандэм Аксана Калашнікава / Наа Хібіна - 6:1, 7:5. У 2021 годзе Лідзія Марозава і прадстаўніца Казахстана Ганна Даніліна сталі пераможцамі парнага разраду гэтых спаборніцтваў.
Спаборніцтвы ў польскай сталіцы фінішуюць 30 ліпеня.