25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню адразу дзве беларускія тэнісісткі згуляюць у паўфінале турніру "Вялікага шлема". Услед за Вікторыяй Азаранка ў чацвёрку паўфіналістак адкрытага чэмпіянату Аўстраліі прабілася Арына Сабаленка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння пяты нумар сусветнага рэйтынгу перамагла харвацкую тэнісістку Донну Векіч, у якой 64-е месца ў рэйтынгу WTA, - 6:3, 6:2. У паўфінальным матчы саперніцай Сабаленка будзе польская тэнісістка Магда Лінет (45-ы нумар сусветнага рэйтынгу). Да гэтага Арына Сабаленка выйграла ў чэшкі Тэрэзы Марцінцавай (74) - 6:1, 6:4, амерыканкі Шэлбі Роджэрс (51) - 6:3, 6:1, бельгійкі Элізэ Мертэнс (32) - 6:2, 6:3 і алімпійскай чэмпіёнкі швейцарскай тэнісісткі Белінды Бенчыч (10) - 7:5, 6:2.
Учора Вікторыя Азаранка (24) абыграла трэцюю ракетку планеты амерыканку Джэсіку Пегулу - 6:4, 6:1. На шляху да паўфіналу Азаранка таксама ўзяла верх над яшчэ дзвюма прадстаўніцамі ЗША Сафіяй Кенін (203) - 6:4, 7:6 (7:3) і Мэдзісан Кіз (13) - 1:6, 6:2, 6:1, аргенцінскай тэнісісткай Надзяй Падарошка (191) - 6:1, 6:0 і кітаянкай Лін Чжу (87) - 4:6, 6:1, 6:4. Вікторыя Азаранка выйгравала аўстралійскае першынство ў 2012 і 2013 гадах.
Агульны прызавы фонд Australian Open-2023 складае $51,5 млн. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах заробяць па $2 млн. Турнір на адкрытых хардовых кортах "Мельбурн-Парка" завершыцца 29 студзеня.