1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі турызм прэзентуюць 11 верасня на "ЭКСПА-2015" у Мілане, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі Алена Ліхімовіч.
Турыстам з розных краін свету прапануюць акунуцца ў атмасферу беларускага сафары, даведацца аб гастранамічных густах у краіне або ажыццявіць мінскі
city-break (фармат кароткатэрміновых падарожжаў у адзін горад, які набірае папулярнасць у Еўропе). Гасцям раскажуць таксама аб экскурсійных і гісторыка-культурных праграмах па Беларусі, развіцці ў краіне MICE-турызму (дзелавога), актыўнага, фестывальнага, аздараўленчага і лячэбнага турызму.Тым, хто падарожнічае самастойна, прадставяць турыстычны патэнцыял Мінска, перавагі горада і яго магчымасці.
Прэзентацыю турыстычнага патэнцыялу Беларусі правядзе кіраўніцтва Нацагенцтва па турызме і інфармацыйна-турысцкага цэнтра "Мінск", а таксама прадстаўнікі туркампаній "Віяпаль", ВЛП", "БеларусТурСэрвіс", "Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму", "БелАграТрэвел", "Бел-Арыенцір", Smok Travel.
Завершаць мерапрыемства адказы на пытанні журналістаў і прадстаўнікоў турыстычных прадпрыемстваў. Далей запланаваны перагаворы ў нефармальнай абстаноўцы.
Прэзентацыя ўключана ў дзелавую праграму Беларусі на "ЭКСПА-2015", мерапрыемства пройдзе на другім паверсе нацыянальнага павільёна.
"ЭКСПА", або Сусветная выстаўка, - найбуйнейшая міжнародная выстаўка для
дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе. Дэвізам "ЭКСПА-2015" у Мілане - "Накарміць планету. Энергія для жыцця". Для выставачных павільёнаў адведзена тэрыторыя плошчай больш як 1,7 млн кв.м на паўночным захадзе Мілана.