16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Ірына Курачкіна стала пераможцай асабістага КС па жаночай барацьбе ў Бялградзе (Сербія), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальнай схватцы Ірына Курачкіна, якая выступае ў вагавой катэгорыі 55 кг, атрымала вікторыю над Анеке Вендле з Германіі. Зарабіўшы перавагу на два балы на старце вырашальнага паядынку, беларуска спакойна кантралявала сітуацыю на дыване да фінальнага свістка, які зафіксаваў перамогу бабруйчанкі - 9:0.
Яшчэ адным медалём скарбонку беларускай зборнай па жаночай барацьбе папоўніла Заліна Сідакова (53 кг), якая ў схватцы за бронзу нанесла паражэнне турчанцы Зейнеп Етгіл - 3:0.
У заключны дзень асабістага Кубка свету па жаночай барацьбе, 16 снежня, за бронзу будзе змагацца Ганна Садчанка, саперніцай якой стане вопытная Аліна Беражная-Стаднік-Махіня. Не страціла шанцы на траплянне ў тройку наймацнейшых і Васіліса Марзалюк (76 кг), якой трэба будзе змагацца з Паўлін Дэніз Лекарпенцье з Францыі. Пераможца гэтага паядынку атрымае права аспрэчваць бронзу ў схватцы з алімпійскай чэмпіёнкай Рыа-2016 з Канады Эрыкай-Элізабэт Уібе.
Старты ў Бялградзе павінны былі прайсці ў статусе чэмпіянату свету, аднак у сярэдзіне лістапада кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі барацьбы з-за складанасцей, звязаных з пандэміяй COVID-19, вырашыла змяніць фармат турніру на індывідуальны Кубак свету. У спаборніцтвах па грэка-рымскай, жаночай і вольнай барацьбе прымаюць удзел больш за 500 спартсменаў з больш як 50 краін.