4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Кацярына Ганчар-Янушкевіч стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы па барацьбе ў сербскім Нові-Садзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вагавой катэгорыі да 55 кг яна паспяхова дайшла да фіналу. На папярэдняй стадыі беларуска была мацнейшай за Аляксандру Андрэеву з Расіі, потым у паўфінале адолела Мацільду Рывер (Францыя). У фінале Кацярына Ганчар-Янушкевіч уступіла Біляне Дубавай з Балгарыі і ўзнялася на другое месца п'едэстала.
За бронзавую ўзнагароду кантынентальнага форуму ў катэгорыі да 75 кг змагалася беларуска Васіліса Марзалюк, якая вяла ў ходзе паядынку з эстонкай Эп Мяэ, але прапусціла праход у ногі саперніцы ў заключнай частцы схваткі і заняла чацвёртае месца.
Сярэбраны медаль Кацярыны Ганчар-Янушкевіч стаў трэцім на чэмпіянаце Еўропы для беларускай каманды. Раней залатую ўзнагароду заваявала Ванэса Каладзінская (53 кг), а трэцяе месца заняў барэц-вольнік Аляксандр Гуштын (97 кг).
Чэмпіянат Еўропы прадоўжыцца 6-7 мая выступленнем прадстаўнікоў класічнага віду барацьбы.