8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская цяжкаатлетка Дар'я Хейдэр стала бронзавым прызёрам ІІ Гульняў краін СНД, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У суме дваябор'я вагавой катэгорыі да 87 кг беларуска паказала рэзультат 220 кг (рывок - 100 кг, штуршок - 120 кг). Чэмпіёнкай, як і чакалася, стала вопытная расіянка - сярэбраны прызёр АГ-2012, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы Таццяна Кашырына - 262 кг (117+145). Сярэбраны медаль заваявала Рыгіна Адашбаева з Узбекістана - 232 кг (102+130). Яшчэ адна беларуская спартсменка Алена Бондарава заняла чацвёртае месца ў падагульняючым пратаколе - 196 кг (91+105).
Хутка жаночая праграма Гульняў завершыцца спаборніцтвамі ў вагавой катэгорыі звыш 87 кг. Потым мужчыны вызначаць лепшых у вагавой катэгорыі 96 кг. Цяжкаатлетычны турнір у гродзенскім Лядовым палацы фінішуе заўтра.