1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Дар'я Юркевіч заняла трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы з чатырма агнявымі рубяжамі на 15 км на першым этапе Кубка свету па біятлоне ў шведскім Эстэрсундзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Увайсці ў прызавую тройку этапу Кубка свету беларусцы дапамагла добрая стральба, ні на адным з чатырох агнявых рубяжоў яна не дапусціла промахаў і не зарабіла штрафных мінут. Першае месца заняла немка Лаўра Дальмаер - 46 мін 14,0 сек (0+0+1+1), другой фінішавала Анаіс Бескон з Францыі - +15,8 сек (0+0+0+1). Дар'я Юркевіч адстала ад пераможніцы гонкі на 1 мін 17,3 сек (0+0+0+0).
Многія вядучыя біятланісткі не змаглі паказаць высокі рэзультат з-за моцнага ветру на стрэльбішчы. Промахаў не ўдалося пазбегнуць іншым беларускам, якія прымалі ўдзел у гонцы. Надзея Скардзіна фінішавала 43-й - +6 мін 29,8 сек (2+1+1+2), Ірына Крыўко заняла 46-е месца - +6 мін 51,1 сек (2+2+1+2), Настасся Кінунен (Дубарэзава) размясцілася на 72-м радку пратакола - +8 мін 39,5 сек (0+3+3+1), Хрысціна Ільчанка фінішавала 85-й - 11 мін 19,3 сек (1+4+1+4).
Этап Кубка свету ў Эстэрсундзе прадоўжыцца 1 снежня індывідуальнай гонкай на 20 км сярод мужчын. Пачатак у 20.00. Зборную Беларусі прадставяць Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Раман Елятноў і Максім Варабей.