4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адна з вядучых беларускіх бягух беларуска Аліна Талай новы лёгкаатлетычны сезон у закрытых памяшканнях пачала ўдачна, атрымаўшы перамогу на міжнародным турніры ў Дзюсельдорфе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінале забегу на 60 м з бар'ерамі беларуска паказала час 8,00 сек і заняла першае месца. Другой да фінішу прыбегла немка Сіндзі Роледэр (8,01 сек), замкнула тройку прызёраў прадстаўніца Вялікабрытаніі Серыта Саламон (8,05 сек).
У кваліфікацыі ў бегу на 60 м з бар'ерамі яшчэ адна беларуска Эльвіра Герман з вынікам 8,54 сек заняла 8-е месца.
Чарговым стартам для вядучага спрынтара жаночай зборнай Беларусі Аліны Талай стане турнір у Лодзі 5 лютага.
Для беларускіх лёгкаатлетаў у бягучым зімовым сезоне асноўным стартам стане чэмпіянат свету ў закрытых памяшканнях, які з 16 па 20 сакавіка прыме амерыканскі Портленд.