10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У спартыўна-стралковым комплексе імя Цімашэнкі завяршыліся спаборніцтвы па кулявой стральбе ІІ Гульняў краін СНД, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праграму спаборніцтваў стралкоў на Гульнях закрываў фінал у стральбе з малакалібернага пісталета сярод юніёрак. У вырашальны старт з кваліфікацыі прайшлі чатыры беларускі, дзве з якіх дабраліся да прызавой тройкі. Наша Аліна Несцяровіч у час асноўнага раўнда зрабіла 30 дакладных стрэлаў, столькі ж разоў мішэнь паразіла расіянка Валерыя Ганакова. Для вызначэння чэмпіёнкі была назначана перастрэлка, якую з лікам 3:1 выйграла расіянка. У Несцяровіч - серабро, яшчэ адна наша спартсменка Зоя Дасько набрала 24 балы і выйграла бронзавы медаль. Акрамя таго, беларускі Кацярына Іванова і Аляксандра Пятрова занялі 4-е і 6-е месцы адпаведна.
Такім чынам, за пяць дзён спаборніцтваў беларускія стралкі заваявалі 20 узнагарод II Гульняў краін СНД - 5 залатых, 7 сярэбраных і 8 бронзавых. Усяго ўдзел у спаборніцтвах па кулявой стральбе прымалі каля 80 спартсменаў з 9 краін - Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.