22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анімацыйны фільм Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёра і аўтара сцэнарыя Таццяны Кубліцкай "Вясна восенню" ўдастоены ўзнагароды за лепшы сцэнарый на дзявятым Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў у Каіры, што завяршыўся ў Егіпце, паведамілі БЕЛТА ў МЗС Беларусі.
Работа Таццяны Кубліцкай адзначана сярод больш як 50 фільмаў, прадстаўленых на суд журы.
У фестывалі ў намінацыі "Анімацыйны серыял" таксама прыняў удзел беларускі анімацыйны фільм "Казкі старога піяніна. Іаган Штраус" рэжысёра Алены Пяткевіч.
Беларускія мульфільмы, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурснай праграме фестывалю, атрымалі высокую ацэнку прафесійнага журы і прызнанне гледачоў.
На Каірскім міжнародным анімацыйным форуме былі прадстаўлены работы з розных краін, у тым ліку з Аўстраліі, Аргенціны, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Егіпта, Латвіі, Лівана, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Францыі, Эстоніі і Японіі.