20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі асілак Вячаслаў Харанека чарговы раз пабіў сусветны рэкорд у гіравым спорце, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Мінску ў час міжнароднага фестывалю сілавых відаў спорту Харанека ўстанавіў абсалютны сусветны рэкорд у беларускім жыме. За 5 хвілін ён адначасова выжаў дзве гіры вагой па 24 кг 113 разоў, палепшыўшы сваё ж ранейшае дасягненне на 13 пад'ёмаў.
Яшчэ адзін беларускі асілак Віктар Мацур устанавіў сусветны рэкорд у жыме гіры 50 кг адной рукой - 20 разоў.
У канцы снежня на камандным Кубку свету па сілавых відах спорту ў Мінску беларускія гіравікі збіраюцца парадаваць балельшчыкаў новымі рэкорднымі дасягненнямі. У прыватнасці, Вячаслаў Харанека паспрабуе палепшыць сусветны рэкорд у жыме гіры вагой 32 кг адной рукой.