14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад старшынствам прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова прайшла нарада па пытанні развіцця ў Беларусі міжнароднага руху WorldSkills International, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Як адзначыў кіраўнік урада, Беларусь атрымала запрашэнне прыняць удзел у сусветным чэмпіянаце WorldSkills, які пройдзе ў 2019 годзе ў Казані. "Павінен падкрэсліць, што мэты руху WorldSkills у поўнай меры адпавядаюць задачам, якія мы вырашаем у адукацыі: павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў, прафесійная арыентацыя моладзі, папулярызацыя рабочых прафесій. Гэта добры рэсурс для выяўлення і падтрымкі найбольш здольных у сваёй прафесіі маладых рабочых. Не дарма конкурсы прафесійнага майстэрства WorldSkills яшчэ называюць Алімпіядай для рабочых", - падкрэсліў ён.
Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што ў 2018 годзе ў Беларусі павінен адбыцца трэці нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства па рэгламенце WorldSkills. Паводле яго слоў, нацыянальны чэмпіянат у поўнай меры павінен прадэманстраваць існуючыя рэсурсы сістэмы адукацыі і яе партнёраў - прамысловых прадпрыемстваў. "Гэта таксама добрая магчымасць арыентаваць маладое пакаленне на атрыманне сучасных рабочых прафесій. Патрэбна мэтанакіраваная інфармацыйная кампанія, і пачынаць яе трэба ўжо цяпер. У гэту работу павінны ўключыцца нашы прадпрыемствы, прыватны бізнес", - заявіў прэм'ер-міністр.
Ён канстатаваў, што адной з задач WorldSkills з'яўляецца павышэнне стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі. "Для нас гэта больш чым актуальна. Удзел нашых прадпрыемстваў, прыватнага бізнесу ў праграме WorldSkills - адзін з напрамкаў павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў", - рэзюмаваў кіраўнік урада.