3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у сакавіку прэзентуе турыстычныя магчымасці на дзвюх міжнародных выстаўках у Маскве. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.
Нацыянальны стэнд Беларусі з 14 па 17 сакавіка будзе прадстаўлены на турысцкай выстаўцы "Інтурмаркет" (ITM). У рабоце стэнда запланаваны ўдзел прадстаўнікоў беларускіх турыстычных кампаній і арганізацый. ITM - галоўная турысцкая выстаўка Расіі, якая праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі, Федэральнага агенцтва па турызме, а таксама іншых федэральных службаў і арганізацый. У 2014 годзе ў выстаўцы прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 148 краін і рэгіёнаў Расіі, з экспазіцыяй азнаёміліся звыш 80 тыс. чалавек.
Акрамя таго, нацыянальны стэнд краіны 18-21 сакавіка будзе працаваць на Маскоўскай міжнароднай турыстычнай выстаўцы MITT-2015 "Падарожжы і турызм". Гэта буйнейшая ў Расіі і трэцяя па велічыні ў свеце міжнародная турыстычная выстаўка.
У час дзвюх выставак запланаваны прэзентацыі турыстычных магчымасцей Беларусі.
Штогод больш як 60 працэнтаў турыстаў прыязджаюць у Беларусь з Расіі. Госці з гэтай краіны забяспечваюць амаль 70 працэнтаў даходаў Беларусі ад турызму. Папулярнасцю карыстаецца адпачынак у санаторыях, таксама многія расіяне прыбываюць у Беларусь па экскурсійных праграмах, сярод запатрабаваных напрамкаў - Мір, Нясвіж, Полацк.