4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы Арменіі Ерэване набліжаецца да завяршэння чэмпіянат свету па боксе сярод спартсменаў не старэйшых за 16 гадоў з удзелам беларусаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першую ўзнагароду нашай камандзе прынёс Андрэй Румянцаў, які выступае ў вагавой катэгорыі да 80 кг. На стадыі 1/8 фіналу беларус перамог Раміна Попаля з Германіі, у 1/4 прайшоў эквадорца Хуана Гарсеза, але ў паўфінале ўступіў спартсмену з Індыі Ардзіку Панвару. Згодна з рэгламентам, баі за трэцяе месца на турніры не прадугледжаны, таму Румянцаў стаў уладальнікам бронзавага медаля.
Усяго Беларусь на юніёрскім чэмпіянаце свету прадставілі 17 баксёраў - 12 юнакоў і пяць дзяўчат. Да паядынку за золата дабраўся толькі адзін атлет з нашай краіны - сёння за тытул у вазе да 66 кг з армянінам Аргішці Хакабянам пазмагаецца Іван Сіняк. Пятыя месцы ў сваіх катэгорыях раней занялі нашы Сяргей Заяц (да 46 кг), Цімур Сянкевіч (да 57 кг), Уладзіслаў Каураў (да 60 кг), Ангеліна Гізоўская (да 46 кг), Вікторыя Коваль (да 57 кг) і Марыя Блізнюк (да 60 кг). Удзел у спаборніцтвах у Арменіі прынялі 357 баксёраў з 51 краіны.