14 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь займае высокае 50-е месца па Індэксе чалавечага развіцця (ІЧР), які складае 0,798. Такія даныя змешчаны ў распаўсюджаным ПРААН Дакладзе аб чалавечым развіцці-2015, паведамляе БЕЛТА.
Раней Беларусь займала 53-ю пазіцыю сярод амаль дзвюх соцень ацэньваемых па гэтым паказчыку краін і тэрыторый. У адпаведнасці з новым рэйтынгам, Беларусь узначальвае спіс краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Аналагічную 50-ю пазіцыю займае Расія. Гэта лепшы паказчык сярод усіх астатніх краін СНД.
Даклад аб чалавечым развіцці - штогадовая публікацыя, якая прадстаўляецца ПРААН з 1990 года. Індэкс чалавечага развіцця (ІЧР) - інтэграваны паказчык, што выкарыстоўваецца для міжкраінавых супастаўленняў і штогод разлічваецца ПРААН на аснове наступных кампанентаў чалавечага развіцця: чаканай працягласці жыцця пры нараджэнні; сярэдняй працягласці навучання і чаканай працягласці навучання; ВУП на душу насельніцтва (у доларах ЗША па парытэце пакупной здольнасці).