10 жніўня, Орша /Кар. БЕЛТА/. Беларус Дзмітрый Дварнічэнка заваяваў бронзу на турніры па боксе II Гульняў краін СНД, які праходзіць у Лядовай арэне Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На самай справе гэта былі класныя эмоцыі. Было хваляванне перад выхадам, але калі выйшаў на публіку, настрой узняўся, захацелася баксіраваць", - падзяліўся беларус адразу пасля бою.
Ён адзначыў, што настроены рашуча і ўзмоцнена займацца, каб дабівацца больш высокіх вынікаў. "Трэба працаваць, больш выступаць, - сказаў ён. - І на зборы міжнародныя ездзіць, дзе больш сапернікаў і можна набрацца яшчэ больш вопыту".
Дзмітрый Дварнічэнка ўжо вызначаецца з бліжэйшымі стартамі. "Магчыма, турнір Паўлюкова ў Краснадары будзе (міжнародны турнір па боксе сярод юніёраў памяці майстра спорту Расіі Мікалая Паўлюкова. - Заўвага БЕЛТА), але нам яшчэ дакладна не сказалі. Мы ў мінулым годзе на ім былі, дастойныя сапернікі былі. Хацелася б трапіць на чэмпіянат свету. На свет адабраўся ў мінулым годзе (ён быў у Іспаніі), але нам не зрабілі тады візы. Хацелася б на чэмпіянаце свету таксама выступіць", - сказаў на заканчэнне ён.
Баксёрскі турнір II Гульняў краін СНД прымае Лядовая арэна Оршы з 6 па 12 жніўня. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі 10 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, а таксама Ірана і Пакістана. Фіналы і цырымоніі ўзнагароджвання адбудуцца 11 і 12 жніўня.