10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі запрашае наведаць выстаўку-экспазіцыю "Расліны за шклом", якая пройдзе з 10 па 26 лютага, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Выстаўку размясцілі ў экспазіцыйнай аранжарэі, якую можна наведаць у названыя дні з 10.00 да 17.00. Як расказалі ў Батанічным садзе, прагульваючыся сярод вялікіх трапічных і субтрапічных раслін у аранжарэі, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з дзіўным светам раслін у разнастайных шкляных пасудзінах, сабраных разам у маленькія групы, убачыць пустынны рэльеф з сукулентамі, трапічны куток з мухалоўкамі і разгледзець паблізу такія экзатычныя расліны, як лудзізію, максілярыю, крыптантусы і сарацэнію.
Выкарыстанне разнастайных фларарыумаў з'яўляецца папулярнай тэндэнцыяй у інтэр'ерным азеляненні. Фларарыумы могуць быць цалкам арыгінальнымі па стылі і напаўненні, надаючы інтэр'еру адметнасць.