22 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Жыхароў і гасцей Гомеля запрашаюць на баль у гонар 880-годдзя абласнога цэнтра, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на гарадскі цэнтр культуры.
Раскошнае атмасфернае дзейства разгорнецца 10 жніўня на набярэжнай ракі Сож - на плошчы каля Лебядзінай сажалкі. Дам і кавалераў запрашаюць правесці цёплы летні вечар на свецкім раўце. На балі будзе дзейнічаць дрэс-код. Дамы павінны быць у бальнай сукенцы з крыналінам ці без, дапоўняць вобраз веер і пальчаткі. Кавалеры - у строгім класічным стылі: белая кашуля, гальштук-бабачка, чорныя штаны і туфлі, пальчаткі.
Праграма балю складаецца з двух аддзяленняў. Танцавальная карта ўключыць такія пазіцыі, як "Гранд-марш", "Вальс знаёмстваў", "Акварэль", "Вальс-прагулка з пераходам", "Фігурны вальс", "Дунайскія хвалі", "Падэграс", "Багемская полька", "Полька-тройка", "Падэспань", "Аўстралійскі вальс", "Рускі вальс", "Свецкі ручаёк", "Паказальныя танцы", а таксама творчыя выступленні.
Напярэдадні балю пад адкрытым небам гарадскі цэнтр культуры правядзе майстар-класы. Рысункі асноўных бальных танцаў дапамогуць паўтарыць удзельнікі клуба "Сярэбраны век".
Каб далучыцца да свецкага раўту, неабходна запоўніць заяўку і да 5 жніўня накіраваць з паметкай "Баль" на электронную пошту ГЦК gck@gck.gomel.by.