2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турнір памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава пройдзе з 2 па 5 лютага ў сталічным Палацы спорту, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.
У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 100 баксёраў з 17 дзяржаў: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грэцыі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нігерыі, Расіі, Таджыкістана, Туніса, Туркменістана, Узбекістана, Украіны і Эквадора.
У заяўцы беларускай каманды вядучыя баксёры ў вагавых катэгорыях ад 49 да 91 кг, сярод якіх добра вядомы Вазген Сафар'янц, Дзмітрый Асанаў, Сяргей Карнееў, Сяргей Новікаў, Павел Кастрамін, Віталь Бандарэнка. Фінальныя паядынкі адбудуцца 5 лютага.
У бягучым годзе турнір вырашана правесці даволі рана, звычайна спаборніцтвы праходзяць па календары ў маі-чэрвені. Змяненні звязаны з падрыхтоўкай вядучых атлетаў да алімпійскіх кваліфікацыйных турніраў, якія адбудуцца ў красавіку і маі 2016 года. Для атрымання ліцэнзіі ў красавіку баксёрам будзе неабходна ўвайсці ў тройку прызёраў, на майскіх спаборніцтвах дастаткова апынуцца ў пяцёрцы лепшых. Па выніках маючых адбыцца вясной важных турніраў у зборнай Беларусі разлічваюць на тры-чатыры пропускі на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра. На гэты момант толькі беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў гарантаваў сабе ўдзел у летніх Гульнях.
Турнір памяці Віктара Лівенцава ў Мінску стаў пераемнікам традыцыйных спаборніцтваў на прызы сталічнага Палаца спорту. Дзевяць турніраў прайшлі яшчэ пры жыцці Віктара Лівенцава, а пасля яго смерці ў 2009 годзе вырашана было назваць іх у памяць аб вядомым спартыўным функцыянеры часоў БССР.