5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кнігу вершаў "Пісьмы Магамеда" маладога азербайджанскага паэта Магамеда Гаджыева прэзентавалі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Малады літаратар жыве і працуе ў Беларусі. У зборнік увайшлі новыя вершы аўтара і іх пераклады на беларускую мову выдатнымі беларускімі паэтамі Таццянай Сівец, Юліяй Алейчанка, Міколам Шабовічам, якія змаглі перадаць любоўныя і філасофскія матывы аўтара.
"Я звярнуўся да адміністрацыі музея з просьбай арганізаваць прэзентацыю і мяне падтрымалі. Галоўная тэма "Пісем Магамеда" - любоў да чалавецтва", - расказаў Магамед Гаджыеў.
Ён прызнаўся, што перад прэзентацыяй зборніка хваляваўся. "У выніку ўсё прайшло выдатна. На прэзентацыі прысутнічалі каля 40 чалавек, сярод якіх былі мае чытачы, сябры і перакладчыкі", - сказаў ён.
У далейшым паэт плануе займацца перакладам твораў Якуба Коласа і Максіма Багдановіча на азербайджанскую мову, што дасць магчымасць развіваць беларуска-азербайджанскае літаратурнае супрацоўніцтва.