9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асноўныя святочныя мерапрыемствы ў Дзень горада Мінска пройдуць на пляцоўцы каля Палаца спорту. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўныя святочныя ўрачыстасці, прысвечаныя 948-годдзю з даты першага згадвання Мінска ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1067 годзе, пройдуць 12 верасня. Па традыцыі да стэлы "Мінск - горад-герой" у святочны дзень ускладуць кветкі ад кіраўніцтва горада і мінчан. Асноўнай канцэртнай святочнай пляцоўкай стане тэрыторыя, прылеглая да Палаца спорту", - сказаў Сяргей Мядзведзеў.
Святочная канцэртная праграма "Зоркі сталіцы" і выстаўка-кірмаш майстроў народнай творчасці "Горад майстроў" каля Палаца спорту разгорнуцца з 11.30 да 22.00. Тут выступяць папулярныя творчыя калектывы і выканаўцы з Беларусі і Расіі. Таксама ў раёне Палаца спорту 12 верасня пройдзе турнір па сілавым экстрыме.
Усяго ў сталіцы ў святочны дзень адбудзецца больш як 60 урачыстых мерапрыемстваў. Пралогам да свята стане цырымонія ўручэння ўзнагарод "Лепшы па прафесіі" па выніках гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар", якая пройдзе 11 верасня ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. Таксама ў гэты дзень у Мінскай гарадской ратушы будуць ушаноўваць мінчан, якія прымаюць актыўны ўдзел у ахове парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.
У канцэртнай зале "Верхні горад" 12 верасня ажэняцца 9 пар з усіх раёнаў сталіцы. Таксама ў Верхнім горадзе пройдзе тэматычная праграма "Дыханне вуліц у сэрцы сталіцы" з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Акунуцца ў іншыя эпохі ўдзельнікі свята змогуць у час міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны", які пачнецца ў 11.30 у раёне зялёнай зоны скрыжавання прасп. Пераможцаў і прасп. Машэрава.
Ужо ў 15.00 у храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія ратаванню Айчыны нашай паслужылі, пачнецца фінальны гала-канцэрт агульнарэспубліканскай акцыі "Харавое веча". У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў 18.00 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года". Завершыцца святочны дзень у 22.00 каля стэлы "Мінск - горад-герой" музычна-піратэхнічным феерверк-шоу.
Урачыстыя мерапрыемствы таксама пройдуць ва ўсіх адміністрацыйных раёнах горада.