31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінск з Магілёва дастаўлены Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Арыгінальнае выданне будзе прадстаўлена на выстаўцы "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і пяцігоддзю вяртання аднаго з экзэмпляраў знакамітага Статута ВКЛ, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.
У гасцей выстаўкі, якая адкрыецца 1 верасня, з'явіцца магчымасць убачыць вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэдніка еўрапейскіх Канстытуцый. Статут будзе знаходзіцца ў музеі да 23 верасня, пасля чаго вернецца ў Магілёў, дзе захоўваецца на пастаяннай аснове. Цяпер у мэтах бяспекі ўнікальнае выданне знаходзіцца ў сейфе, абсталяваным сігналізацыяй.
Кніга была выдадзена на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Тысячы статутаў, якімі карысталіся продкі беларусаў, былі страчаны, але ў 2012 годзе дзякуючы фінансавай падтрымцы мецэнатаў адзін з экзэмпляраў быў выкуплены. Вяртанне на радзіму вядомага выдання стала працягам шматвяковай традыцыі мецэнацтва на Беларусі.
Акрамя статута, адкрыццём для гасцей выстаўкі стануць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII стагоддзя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія будуць выстаўлены ўпершыню, а таксама зменшаная копія друкарскага станка, што існаваў у часы Скарыны, зробленая вучнем мінскай гімназіі.
Выстаўка арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з музеем гісторыі Магілёва і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.