20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Археолагі знайшлі артэфакты X-XII стагоддзяў у комплексе на рацэ Менка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.
Паводле інфармацыі дырэктара Інстытута гісторыі НАН Вадзіма Лакізы, знаходкі сталі вынікам работ, праведзеных 12 і 20 красавіка. Абследаваўшы тэрыторыю паселішча, археолагі знайшлі вагавыя гіркі, пломбы, элементы паясной гарнітуры, жаночыя нагрудныя і галаўныя ўпрыгажэнні, фрагмент сярэбранага дырхема, ключ ад нутранога замка. Гэтыя прадметы датуюцца X-XII стагоддзямі. Як лічаць вучоныя, гэтыя артэфакты дапамогуць дапоўніць звесткі аб ранняй стадыі археалагічнага комплексу за межамі тэрыторыі гарадзішча. Прадметы сведчаць аб развітым гандлі і высокім сацыяльным статусе людзей у паселішчы.
Работы на Менцы праводзяцца з захаваннем методыкі фіксацыі выяўленых артэфактаў пад кіраўніцтвам Андрэя Вайцяховіча. У бягучым годзе на гэтым значным аб'екце пройдуць маштабныя раскопкі з шырокім удзелам студэнтаў і валанцёраў.
Як паведамлялася, па выніках наведвання археалагічнага комплексу на Менцы 10 верасня 2022 года прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка даручыў НАН сумесна з зацікаўленымі арганізаваць маштабнае археалагічнае вывучэнне археалагічнага комплексу для вызначэння яго гісторыка-культурнай ролі ў ІХ-ХІ стагоддзях і яго значэння ў гісторыі Мінска і Беларусі.
22 красавіка ў час рэспубліканскага суботніка будзе праведзены комплекс работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі археалагічнага комплексу. Запланаваны ўстаноўка новага ахоўнага знака "Археалагічны комплекс на р.Менка. Гісторыка-культурная каштоўнасць 2-й катэгорыі", добраўпарадкаванне крыніцы Усяслава Чарадзея, уладкаванне дарожкі з вёскі да гарадзішча. Будуць высаджаны дрэвы ўздоўж сцежкі, што ідзе ад Нікольскага храма вёскі ў бок гарадзішча, расчышчаны месцы запланаваных раскопаў і схілаў гарадзішча ад лісця, галін, спілаваных дрэў. Кустоўе высекуць на ўчастках, якія будуць даследавацца археолагамі. Акрамя таго, будзе праведзена раскансервацыя раскопу на тэрыторыі Вялікага гарадзішча.