5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXXII музычны праект "Мінскі джаз - 2021" пройдзе 5-6 лютага ў Клубе імя Дзяржынскага ў Мінску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі народны артыст, прафесар Міхаіл Фінберг.
5 лютага заслужаны калектыў прадставіць праграму "Рытмы сучаснага джаза". 6 лютага біг-бэнд аркестра выступіць з канцэртам "Мы любім джаз".
"Мінск па праве можна назваць джазавым горадам. Тут працавалі многія таленавітыя музыканты, якіх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Адзін з іх - Эдзі Рознер. І мне прыемна, што на нашым фестывалі будуць гучаць творы, якія ён у свой час выконваў. Я знаёмы з ім асабіста і ганаруся, што мне давялося працаваць з такім таленавітым музыкантам", - расказаў Міхаіл Фінберг.
Маэстра адзначыў, што традыцыйна будзе жывое выкананне. "Мы ніколі не падманвалі нашага гледача і прадаўжаем прытрымлівацца гэтага прынцыпу, - падкрэсліў ён. - Я запрашаю ўсіх у дзівосны свет джаза. Спадзяюся, мы зможам чарговы раз здзівіць".