7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Двухразовы сярэбраны і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандра Герасіменя аб'явіла аб завяршэнні кар'еры. Вядомая спартсменка сказала аб гэтым журналістам сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі хацела трапіць на Алімпіяду ў Токіа, але давайце гаварыць шчыра: я не гатова пакуль узяць медаль. Таму будзе сумленна, калі сказаць, што я завяршаю сваю кар'еру. Я выходжу са спорту, але не адыходжу ад яго далёка. У мяне ёсць свой клуб, дзе я пастараюся перадаць падрастаючаму пакаленню свае веды", - сказала Аляксандра Герасіменя.
За сваю кар'еру Аляксандра Герасіменя заваявала два сярэбраныя медалі на летніх Гульнях у Лондане на 50 і 100 м вольным стылем. На Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра ў спаборніцтве са знакамітымі саперніцамі на дыстанцыі 50 м вольным стылем смагла выйграць бронзавы медаль. Беларуска таксама з'яўляецца чэмпіёнкай свету 2011 года на дыстанцыі 100 м вольным стылем і ўладальніцай залатога медаля сусветнага форуму 2012 года ў 25-метровым басейне, неаднаразовая пераможца летніх Універсіяд.
У жніўні 2017 года Аляксандра Герасіменя выйшла замуж за вядомага беларускага плыўца Яўгена Цуркіна, а ў верасні 2018-га нарадзіла дачку Соф'ю, адзначыўшы, што гэта яе самая важная ўзнагарода ў жыцці.
Знакамітая спартсменка перадае вопыт падрастаючаму пакаленню, арганізаваўшы клуб па плаванні, у якім навучаюцца дзеці розных узростаў.