6 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея "Камянецкая вежа" сёння пройдзе акцыя "Ноч у музеі", прысвечаная Году навукі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-метадычнага аддзела Жанна Абламская.
Мерапрыемства мае назву "Для знатакоў і не толькі". Арганізатары прапануюць наведвальнікам праверыць свой узровень эрудыцыі і паўдзельнічаць у гульні, якая нечым нагадвае "Форт Баярд". На кожным з пяці ярусаў старадаўняй вежы размесцяцца міні-выстаўкі, прысвечаныя пэўнай навуцы, вядомым адкрыццям. Спыняючыся там, удзельнікам неабходна выканаць каверзныя заданні. За правільны адказ налічаюцца балы. Пераможцы змогуць падняцца на верхавіну вежы, сустрэцца з Мудрацом і глянуць на Камянец з вышыні птушынага палёту. У рэжыме нон-стоп гульня будзе доўжыцца 4 гадзіны. Завершаць вечар паказальнае выступленне каманды МНС і фаер-шоу.
Жанна Абламская адзначыла, што цяперашняя акцыя "Ноч у музеі" ў краязнаўчым музеі і яго філіялах пройдзе пад знакам Года навукі. Так, 13 мая ў "Бярэсці" адбудзецца інтэлектуальная гульня "Мазгабойня". Аматарам галаваломак трэба будзе адказаць на пытанні аб гісторыі Брэста і Беларусі, будуць закрануты тэмы навуковых адкрыццяў. Пераможцы батлаў змогуць спусціцца ў старажытны раскоп і сфатаграфавацца на фоне маставой
XIII стагоддзя. Гэта мерапрыемства будзе апошнім, перад тым як археалагічны музей закрыецца на рэканструкцыю.Будынак абласнога краязнаўчага музея "навуковая ноч" ахутае 20 мая. У кожнай экспазіцыйнай зале будуць створаны стылізаваныя арт-пляцоўкі. Яны будуць прысвечаны археалогіі, гісторыі, рэстаўрацыі, хіміі, біямеханіцы, робататэхніцы, астраноміі. Напрыклад, маленькія і дарослыя наведвальнікі даведаюцца, як з канструктара LEGO змайстраваць робата, які можа рухацца. Арганізатары абяцаюць мноства іншых сюрпрызаў.