19 чэрвеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Адкрыццё на "Алеі зорак" у Віцебску імянной зоркі народнага артыста Азербайджана, спевака і кампазітара Палада Бюльбюль аглы паслужыць умацаванню і далейшаму развіццю азербайджанска-беларускай дружбы і міжкультурных сувязей двух народаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў сам маэстра.
У бягучым годзе Палад Бюльбюль аглы не толькі ўзначаліць міжнароднае журы конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015" на XXIV Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", але і стане лаўрэатам спецыяльнай узнагароды.
"Я вельмі ўдзячны за такое высокае прызнанне маёй творчасці і адкрыццё імянной зоркі ў Віцебску. З радасцю прыняў прапанову выступіць на канцэртах, што адбудуцца ў час фестывалю і, ў тым ліку, у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга", - сказаў Палад Бюльбюль аглы.
Ён прызнаўся, што вельмі любіць Беларусь, яе цудоўных людзей, прыгожую прыроду, цудоўную музыку. У час сваёй артыстычнай кар'еры неаднаразова бываў у нашай краіне з гастролямі і да гэтай пары помніць сардэчны прыём беларускіх слухачоў. "У меня шмат сяброў сярод калег-музыкантаў, не раз мы выходзілі на адну сцэну з вядомым спеваком Віктарам Вуячычам, легендарнымі калектывамі "Песняры", "Сябры". Асабістая дружба звязвае мяне з кіраўніком ансамбля "Сябры" Анатолем Ярмоленкам, які пачынаў сваю кар'еру ў Баку. Несумненна, адкрыццё імянной зоркі, якое я чакаю з хваляваннем, паслужыць умацаванню і далейшаму развіццю азербайджанска-беларускай дружбы і культурных сувязей. Двухбаковыя адносіны паміж нашымі краінамі заўсёды вызначаліся стабільнасцю, паступальнай дынамікай і ўзаемапавагай. У Азербайджане высока ацанілі ўдзел Прэзідэнта Беларусі ў цырымоніі адкрыцця першых Еўрапейскіх гульняў у Баку", - падкрэсліў маэстра.
"Алея зорак" закладзена каля Летняга амфітэатра ў 2009 годзе. На ёй ёсць імянныя зоркі ўладальнікаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення" Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, Сафіі Ратару, Алы Пугачовай, Валерыя Лявонцьева, Уладзіміра Мулявіна, Эдзіты П'ехі, Льва Лешчанкі, Ігара Лучанка, Надзеі Бабкінай.