Старажытная Налібоцкая пушча – адзін з буйнейшых лясных масіваў Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы. Разам са сваімі знакамітымі "суседкамі" – Гродзенскай, Ліпічанскай і Белавежскай пушчамі – яна складае сапраўднае зялёнае багацце Беларусі. Унікальны ландшафтны заказнік размешчаны на тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай абласцей і на гэты момант з'яўляецца самым маштабным у рэспубліцы. Гэта адзінае месца, дзе можна ўбачыць тарпанападобных жывёлін пароды "конік", папуляцыю якіх аднаўляюць з 2019 года.
З даўніх часоў у Налібоцкім краі з-за непрыдатнасці зямель для вядзення сельскай гаспадаркі мясцовыя жыхары займаліся паляваннем, рыбалоўствам, а таксама з вясны да восені збіралі грыбы і ягады (дарэчы, гэта і цяпер папулярна ў гасцей пушчы). Значны ўклад у тое, каб нашчадкі ўбачылі прыродны помнік у першапачатковым выглядзе, унеслі прадстаўнікі вядомага графскага роду Тышкевічаў, якія з 1803 года валодалі большай часткай пушчы і займаліся захаваннем і прымнажэннем пагалоўя жывёл. А ў пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве Бенядзікта Яна Тышкевіча тут быў створаны Вялаўскі запаведнік.
Запаведны рэжым захаваўся на гэтай тэрыторыі аж да 1951 года, а праз дзевяць гадоў тут быў створаны паляўнічы заказнік, дзе рабіліся спробы аднавіць папуляцыю еўрапейскай лані. З 2005 года пачалася новая гісторыя Налібоцкай пушчы – як рэспубліканскага ландшафтнага заказніка, створанага для захавання біяразнастайнасці і маючага важную міжнародную значнасць батанічнай тэрыторыі, у тым ліку для пражывання рэдкіх птушак. Сёння яго плошча складае 86 892 га і ахоплівае Валожынскі і Стаўбцоўскі раёны Мінскай вобласці, а таксама Навагрудскі, Карэліцкі і Іўеўскі раёны Гродзенскай вобласці.
Налібоцкая пушча – гэта некранутая прырода, старажытныя лясныя масівы і сапраўды маляўнічыя мясціны. Тут можна ўбачыць 820 толькі вышэйшых відаў раслін, многія з якіх унесены ў Чырвоную кнігу, а таксама больш за 50 прадстаўнікоў фаўны, у тым ліку зуброў, высакародных аленяў і тарпанаў, продкі якіх жылі ў пушчы многія стагоддзі, аднак на пачатак ХІХ стагоддзя былі канчаткова знішчаны. У 2019-м дзякуючы сумеснаму праекту з Нідэрландамі тарпанападобныя коні былі завезены на тэрыторыю пушчы. Згодна з данымі 2020 года, у пушчы жыве больш за 170 асобін.
Сёння турыстам прапануюць адправіцца ў сафары-тур па Налібоцкай пушчы, паназіраць за дзікімі коньмі і зубрамі, наведаць адзіны ў краіне гадавальнік па выкормліванні цецерукоў, а таксама даследаваць лясы, лугі і балоты заказніка, выбраўшы экасцяжынку "Сябрыньскае скрыжаванне". Тут створаны ўмовы і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: свой шлях па асаблівай экасцежцы можна пачаць побач з вёскай Белакорац Мінскай вобласці. Акрамя таго, можна спыніцца на возеры Кромань або ў кемпінгу на Сябрыньскіх азёрах, каб парыбачыць вольнай часінай. А аматараў вострых адчуванняў чакаюць сплавы на байдарках па Іслачы.
Асеннія "сны" Налібоцкай пушчы – у галерэі Belarus.by.