Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Капылі 4 і 5 верасня пад дэвізам "Слова нас аб'ядноўвае". Мерапрыемства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Раней сталіцамі маштабнай урачыстасці станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Бялынічы і іншыя гарады Беларусі.
Напярэдадні Дня пісьменства Капыль моцна змяніўся. Абнавіліся фасады будынкаў, адкрыліся новыя аб'екты, прайшла рэканструкцыя вуліц і плошчаў.
Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбылася на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Леніна. Тут прайшло ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Першы дзень фестывалю пачаўся з міжнароднага круглага стала пры ўдзеле беларускіх і замежных пісьменнікаў, а таксама навукова-практычнай канферэнцыі "Капыльскія чытанні".
Урачыстае адкрыццё памятнага знака "Майстар-гарбар" у гонар Цішкі Гартнага адбылося 5 верасня. Яго аўтарамі сталі скульптар Павел Вайніцкі і архітэктар Алеся Атрашкевіч.
У скверы ў цэнтры Капыля ўладкавалі Алею Пісьменнікаў. Тут устанавілі 17 інтэрактыўных лавак у выглядзе літар з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся і працавалі ў Капыльскім раёне. Усяго – больш за 50 імёнаў і прозвішчаў, сярод якіх Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч. Для кожнага аб'екта зроблены ўнікальны QR-код.
На працягу двух дзён у горадзе функцыянавалі розныя забаўляльныя пляцоўкі і тэматычныя экспазіцыі: "Літаратурнае кафэ", праект у фармаце посткросінгу "Паштоўка.БЕЛ", фестываль гульні і гумару "Капыльскія пацехі", выстава гістарычнай кнігі.
Асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стане Год народнага адзінства - Бузоўскі
Пярцоў: Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў кросплатформенным фармаце