Сёння ў беларускай сталіцы запальваюць свечкі ў памяць аб ахвярах халакосту з усяго кантынента… Роўна 75 гадоў таму, 21 кастрычніка 1943 года, было знішчана Мінскае гета – адно з буйнейшых па колькасці вязняў у Еўропе, створанае нацыстамі ў ліпені 1941-га. Больш за 100 000 яўрэяў утрымліваліся тут у нечалавечых умовах, цярпелі бязлітасныя катаванні, якія нельга перадаць словамі. І выжыць удалося толькі адзінкам…
Дні памяці, прысвечаныя 75-й гадавіне знішчэння Мінскага гета, арганізаваны ў беларускай сталіцы з 15 па 23 кастрычніка. У праграме – кінапаказы "Хронікі Мінскага гета" і іншых тэматычных дакументальных фільмаў у кінатэатры "Цэнтральны", выстаўка аўтара ўнікальнага цыкла "Нямецкая акупацыя" – вядомага мастака Меера Аксельрода ў Нацыянальным мастацкім музеі. Таксама праходзяць сустрэчы школьнікаў і студэнтаў з былымі вязнямі – відавочцамі трагічных падзей, іх роднымі і блізкімі.
Цэнтральная падзея тыдня – мітынг памяці ахвяр халакосту – адбыўся 22 кастрычніка ў мемарыяльным комплексе "Яма", які быў збудаваны ў 1946-м у памяць аб вязнях Мінскага гета, забітых у гады Вялікай Айчыннай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дыпламаты, прадстаўнікі яўрэйскіх міжнародных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, замежныя госці з Ізраіля, ЗША і краін Еўропы, былыя вязні.
Прывітанне гасцям-удзельнікам памятных мерапрыемстваў накіраваў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што боль ад трагедыі знішчэння Мінскага гета не сціхае і праз 75 гадоў, і падзякаваў жыхарам Беларусі, якія ў гады вайны, рызыкуючы сабой, ратавалі вязняў, за што ўдастоены высокага звання "Праведнікі народаў свету".
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы на мітынгу-рэквіеме ў Мінску, падкрэсліў, што нашчадкі не павінны забываць трагедыю Мінскага гета, а таксама нагадаў, што ў гады вайны на тэрыторыі нашай краіны было створана больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей, больш за 70 з іх – яўрэйскія гета...