Зорка Філіпа Кіркорава з'явілася 16 ліпеня на Плошчы зорак каля галоўнай пляцоўкі "Славянскага базару".
Зорка новага лаўрэата спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення" стала 16-й на Плошчы зорак і адкрыта адразу пасля ўрачыстага падняцця сцяга фестывалю. "Зорную" прапіску ў Віцебску атрымаў народны артыст Расіі, Украіны, Малдовы, Чачні, Інгушэціі Філіп Кіркораў.
"Гэта сведчанне высокага прызнання і выдатнага ўкладу ў развіццё сучаснага музычнага мастацтва, папулярызацыю славянскай культуры, а таксама ўмацаванне культурных сувязей Беларусі і Расіі", – падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця міністр культуры Юрый Бондар.
"Мы вельмі рады, што з Беларуссю ў вас даўнія дружалюбныя сувязі, – сказаў міністр, звяртаючыся да Філіпа Кіркорава. – Вы заўсёды жаданы госць як у віцебскім амфітэатры, так і на ўсіх іншых канцэртных пляцоўках нашай краіны. Упэўнены, што закладзеная ў Віцебску зорка прынясе вам асаблівую ўдачу, надасць новы імпульс творчаму натхненню".
Упершыню на сцэне "Славянскага базару" Філіп Кіркораў выступіў у 1994 годзе і адразу ж заваяваў сэрцы публікі. З таго часу ён не раз прымаў удзел у канцэртах фестывалю, даў шэсць сольных канцэртаў. Як прызнаўся артыст, Віцебск непарыўна звязаны з яго творчай біяграфіяй і займае асаблівае месца ў душы. Такой жа вялікай любоўю плаціць яму і фестывальны горад. Сёння падарункам Філіпу Кіркораву стала перакладзеная на беларускую мову песня "Паглядзі, якое лета", гэта кранула артыста. Філіп Кіркораў у сваю чаргу пакінуў на памяць музею "Славянскага базару" аўтограф на паверхні, што пакрывае зорку артыста.
"Вельмі многае звязвае маё жыццё з Віцебскам і "Славянскім базарам", – прызнаўся Філіп Кіркораў. – І сёння, у гэты асаблівы год, "Славянскі базар у Віцебску" знайшоў у сабе сілы і стаў адзіным фестывалем, які змог сабраць сяброў і гледачоў у многіх краінах. Гэты прыезд многае для мяне значыць – ваша ўвага, павага, прызнанне. Віцебская сцэна дала мне вельмі многае не толькі ў творчым, але і асабістым жыцці". Самыя цёплыя словы ён адрасаваў фестывалю, пажадаўшы форуму даўгалецця, а Плошчы зорак – запаўнення ўсіх пустых месцаў. "Фестываль будзе жыць, калі выстаяў у гэты неймаверна складаны год", – дадаў Філіп Кіркораў.
Алея зорак закладзена ў 2009 годзе ў тэрасе Летняга амфітэатра. На ўваходзе размешчана стэла, якую вянчае статуэтка дзяўчыны з вянком у руках. Гэта павялічаная копія прыза, які з 2005 года штогод уручаецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення". На самой пляцоўцы знаходзяцца квадраты з паліраванага граніту з сімвалам фестывалю – кветкай васілька, на кожным з іх напісана імя ўладальніка і год уручэння прэстыжнай прэміі. У розныя гады ўладальнікамі ўзнагароды станавіліся Андрэй Пятроў, Эдзіта П'еха, Леў Лешчанка, Ала Пугачова, Сафія Ратару, Аляксандра Пахмутава, Валерый Лявонцьеў, "Песняры", Ігар Лучанок, Надзея Бабкіна, Палад Бюльбюль аглы, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Тамара Гвердцытэлі, Роза Рымбаева, Таісія Павалій.