Восень уступіла ў свае правы, і на поўдніБрэстчыны ўжо кіпіцьработа… з кіслінкай. Гэтымі днямі на самых незвычайных палях Беларусі – залітых вадой і пакрытых ярка-чырвоным ягадным "дываном" – ідзе збор ураджаю любімых дароў Палесся. Журавіны -менавіта так па-беларуску называюцца гэтыя ягады – ужо больш за 30 гадоў збіраюць на плантацыях ААТ "Палескія журавіны", што ўваходзіць у топ буйнейшых гаспадарак Еўропы па вырошчванні культурных сартоў гэтых ягад.
Гісторыя брэнда цікавая. На балотах Палесся журавіны растуць многія стагоддзі, і для мясцовых жыхароў яны заўсёды былі сапраўдным вітамінным "золатам". І ўсё ж дзікарослыя ягады больш дробныя і збіраць іх у вялікіх аб’ёмах складана. У 1985 годзе каля вёскі Селішча Пінскага раёна заклаліплантацыю журавін (агульная плошча –84,29 га), завезлі і высадзілі саджанцы васьмі сартоў – "Стывенс", "Бен-Лір", "Сірлз", "Мак-фарлін", "Ховес", "Ранні чорны", "Пілігрым" і "Кроўлі". Тутэйшыя ўгоддзі разбіты на дзялянкі – плошчай 1 га і 1,25 га – і аснашчаны сістэмай арашэння. Дарэчы, першы ўраджай пасля высадкі ягад збіраюць ужо на трэці-чацвёрты год, а “тэрмін прыдатнасці” поля – да 100 гадоў.
Сезон збору журавін у Беларусі,як правіла, пачынаецца ў канцы верасня – пачатку кастрычніка. Тэхналогія вырошчвання ягад адпрацавана дзесяцігоддзямі, і збіраюць іх правераным спосабам. Упачатку самыя вялікія ягады збіраюць уручную, потым поле журавін запаўняюць вадой: туды заязджаюць трактары і пачынаюць абмалот, а рабочыя падцягваюць ягады пантонамі да месца выбаркі на прычэп.
Кожны год тут атрымліваюць шчодры ўраджай (у сярэднім – 350-500 т, бывае і да650 т). Большая частка адпраўляецца на экспарт – у Расію, Літву, Латвію, Польшчу, Вялікабрытанію, Германію… А астатняе перапрацоўваюць для ўнутранага рынку: замарожаныя і сушаныя ягады, джэмы і канфіцюры, сокі можна знайці на прылаўках магазінаў у любы сезон. А скрынкі з журавінамі ў цукровай пудры ўжо даўно сталі адным з самых папулярных сувеніраў, якія прывозяць турысты з нашай краіны.
Збор ураджаю журавін на палях "Палескіх журавін" – у рэпартажы.