Чым запомніўся люты? Якія падзеі сталі самымі значнымі для Беларусі? І хто яны – галоўныя героі апошняга месяца зімы-2018?
На працягу месяца ўвага ўсяго свету, у тым ліку і Беларусі, была прыкавана да галоўных стартаў чатырохгоддзя – зімовай Алімпіяды-2018 у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Экстрэмальныя ўмовы надвор'я, барацьба на мяжы сіл, трыумфальныя перамогі, гучныя дэбюты, слёзы радасці спартсменаў і словы ўдзячнасці трэнерам і балельшчыкам – усё гэта сапраўды хвалявала беларусаў, выклікала захапленне і гонар нашымі алімпійцамі.
Сапраўдным дасягненнем для Беларусі стала 15-е месца ў агульнакамандным медальным заліку, якое прынеслі прадстаўніцы нацыянальнай зборнай – Ганна Гуськова, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, і, вядома, першая ў сусветным біятлоне чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка – Дар'я Домрачава. Бадай, гэтыя імёны ўжо ўвайшлі ў спартыўную гісторыю Беларусі, каб стаць прыкладам для будучых пакаленняў.
А пакуль алімпійцы пакаралі п'едэсталы Пхёнчхана, у аб'ектыў фотакамер трапілі і іншыя падзеі: напружаная барацьба беларускіх тэнісістак супраць немак у чвэрцьфінале Кубка Федэрацыі-2018, першы ў свеце турнір па трактарным біятлоне, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, мітынгі і ваенныя парады ў гонар Дня абаронцаў Айчыны, канцэрт Depeche Mode, маладзёжныя спаборніцтвы па чырлідынгу…