Бард-рыбалка – гэта не толькі музыка, таму раніца 28 ліпеня для шэрага ўдзельнікаў свята пачалася з рэгістрацыі на рыбалоўныя спаборніцтвы. 18 рыбакоў (5 індывідуальна, астатнія ў складзе каманды) засяроджана сачылі за паплаўкамі, хто з лодак, а хто і з берага.
Пад паўдня на беразе Мікалай Шэпетаў з Бабруйска з гонарам дэманстраваў свой улоў – сома даўжынёй амаль 2 м і вагой 42,5 кг. Мікалай Шэпетаў родам з гэтых мясцін і хоць жыве ў Бабруйску, часта ловіць рыбу на малой радзіме. Ён можа пахваліцца нават больш зайздросным уловам з гэтых мясцін. "У мінулым годзе злавіў сома на 54 кг, але не на бард-рыбалцы. Удзельнічаю ў спаборніцтве ўпершыню, раней неяк саромеўся", – прызнаўся Мікалай.