Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | "Вялікая бард-рыбалка"-2018: унікальны фестываль "спяваючай паэзіі", азартнай лоўлі і сяброўскіх сустрэч на беразе Чыгірынскага вадасховішча

"Вялікая бард-рыбалка"-2018: кругласутачны марафон песень пад гітару, рэкорды рыбаловаў і душэўныя сустрэчы сяброў з розных краін

27 Ліп 2018

Знакамітае Міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка" – ужо дзявятае! – зноў сабрала сяброў на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Тысячы рамантыкаў – сем'ямі, вясёлымі кампаніямі сяброў і калег – прыехалі на фестываль, фармат якога сапраўды незвычайны і, без перабольшання, прэтэндуе на статус адзінага ў свеце. Кругласутачны марафон песень пад гітару на сцэнах і ля вогнішчаў у палатачных гарадках, азартныя спаборніцтвы рыбаловаў, забавы на любы густ (спартыўны, турыстычны, інтэлектуальны, кулінарны), дабрачынныя акцыі – тры дні жыццё тут не замаўкала ні на секунду. Нават ноччу! Бо пад плёскат хваль і шэпт дрэў пад велізарным зорным небам – а на гэты раз яшчэ і пры рамантычным месячным зацьменні з вялікім процістаяннем Марса – галасы і пераборы струн гучалі так пранікнёна і душэўна, што многім было не да сну.

Увесь прыбярэжны пасёлак Грудзічына разам з палатачнымі гарадкамі, разбітымі ў лесе, спяваў, шумеў і частаваў любімымі стравамі, сустракаўся з даўнімі сябрамі, знаёміўся з новымі. І адкрываў для сябе свет "спяваючай паэзіі". "Сюды з'ехаліся больш за 3 тысячы запрошаных гасцей і проста гледачоў. Многія з самага першага фестывалю застаюцца яму адданымі. Для кагосьці гэта першы візіт, на які падштурхнула жаданне сустрэчы з любімым бардам. Таму і едуць з розных куткоў Беларусі, з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Славеніі", – расказаў аўтар ідэі свята і адзін з арганізатараў Сяргей Кулягін.

У маштабнай праграме Міжнароднай бард-рыбалкі-2018 – дзясяткі мерапрыемстваў: конкурс аўтарскай песні "Гітара па крузе", эксклюзіўныя канцэрты знакамітых бардаў з розных краін і яркія творчыя праекты, лазнева-аздараўленчае свята "Лазенькі" і свята кулінарыі "Кірмаш смаку", конкурс "Каралева бард-рыбалкі", цырымонія закладкі новых валуноў у бард-сцежку, дабрачынны Кубак "Вялікай бард-рыбалкі" па бегу і адкрыты турнір па пляжным валейболе, азартныя рыбалоўныя спаборніцтвы...

Канцэрт-адкрыццё ІХ бард-рыбалкі "Малая радзіма – вялікая зямля" і дабрачынны Кубак па бегу арганізатары сімвалічна прысвяцілі Году малой радзімы ў Беларусі, які ахоплівае ўжо не толькі каляндарны 2018-ы, але стане галоўнай тэмай адразу трох гадоў, запрашаючы людзей да развіцця сваіх родных мясцін. А для жывапіснага краю ля Чыгірынскага вадасховішча "Вялікая бард-рыбалка" сапраўды стала лепшай рэкламай і стымулам развіцця турыстычнай інфраструктуры. Тым больш што на мясцовыя берагі прыязджае нямала гасцей з усяго свету. Дарэчы, у гэтым годзе і музыкант Ціна Айсбрэнер (Германія) разам з жонкай Сафіяй і дочкамі адправіліся на "Вялікую бард-рыбалку" значна раней і некалькі тыдняў правялі на адпачынку ля Чыгірынскага вадасховішча. І як прызналіся: ад'язджаць зусім не хочацца!

Кадры самай незвычайнай – вялікай, музычнай, неверагодна творчай – рыбалкі не толькі Беларусі, але і ўсяго свету – у нашым рэпартажы!

На фота: бард і заснавальнік фестывалю Вячаслаў Клімовіч

Конкурс "Гітара па крузе"
Конкурс "Гітара па крузе"
Адкрыты турнір па пляжным валейболе сярод аматараў і прафесіяналаў
"Вялікая бард-рыбалка"-2018
"Вялікая бард-рыбалка"-2018
Папярэдняя       1 2 3 4 5  [6..8]      Наступная