Больш за 530 кампаній з 28 краін сабраліся на Міжнароднай выстаўцы "Белагра-2018", якая адкрылася 5 чэрвеня ў аграгарадку Шчомысліца на пляцоўцы аднаго з буйнейшых гандлёва-лагістычных цэнтраў сталічнага раёна "Глобус Парк". Апошнія дасягненні ў галіне сельскагаспадарчага машынабудавання, жывёлагадоўлі і раслінаводства, перадавыя тэхналогіі вядзення вялікага аграбізнесу і сакрэты фермераў, навінкі харчовай прамысловасці – экспазіцыя цікавая і тым, хто прыехаў наладзіць новыя дзелавыя кантакты, і наведвальнікам, далёкім ад сельскай гаспадаркі.
"На выстаўцы "Белагра-2018" мы можам убачыць своеасаблівую справаздачу аб тым, што зрабілі нашы прамыслоўцы, вучоныя, аграрыі. Выстаўка стала своеасаблівым новым Зялёным тыднем у нас у Беларусі", – адзначыў, адкрываючы форум, віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы.
Дарэчы, у рамках маштабнага Беларускага аграпрамысловага тыдня на адной пляцоўцы з "Белагра" працуюць таксама міжнародныя выстаўкі: "Белферма", "Белпрадукт", "Харчовая індустрыя", "Прадмаш. Холад. Упак".