Чым запомніўся сакавік 2018 года? Хто з беларусаў увайшоў у гісторыю, заявіўшы аб сабе і краіне на сусветнай арэне? Якія падзеі сталі самымі папулярнымі?
Сакавік у гэтым годзе запомніўся зусім не веснавым надвор'ем і нават стварыў сапраўды суровыя зімовыя ўмовы амаль 170 юным біятланістам, якія змагаліся ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер"у спарткомплексе "Раўбічы". Дарэчы, тады на лыжню выйшла і зорная каманда знакамітых беларускіх спартсменаў на чале з Прэзідэнтам.
Бадай, самай натхняльнай падзеяй месяца стала Паралімпіяда-2018 у Пхёнчхане, дзе нашы атлеты паказалі лепшы рэзультат за ўсю гісторыю ўдзелу ў галоўных стартах чатырохгоддзя. Трыумфальным было выступленне беларусаў у лыжных гонках і біятлоне: Святлана Саханенка, Юрый Голуб, Дзмітрый Лобан і Лідзія Графеева заваявалі 12 медалёў (4 залатыя, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя), забяспечыўшы краіне восьмае месца ў медальным заліку.
Сустракалі паралімпійцаў дома з асаблівымі ўшанаваннямі, а пазней адбыўся ўрачысты прыём у кіраўніка дзяржавы, дзе прысутнічалі і прызёры Алімпійскіх гульняў. Дарэчы, многія з іх парадавалі рэзультатамі на сакавіцкім этапе КС па біятлоне ў Цюмені: Дар'я Домрачава бліскуча завяршыла сезон, выйграўшы заключную гонку з масавага старту, а Надзея Скардзіна ўпершыню ў кар'еры заваявала Малы хрустальны глобус.
Акрамя таго ў сакавіцкім календары-2018 былі і такія значныя спартыўныя падзеі, як забег Beauty Run 2018, заключны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба", фінал Кубка свету па канькабежным спорце і чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху ў Мінску. Карціну месяца дапоўнілі маляўнічыя самабытныя абрады, выставы і інтэрактыўныя праекты...
На фота: беларускі абрад "Гуканне вясны" ў Вязынцы. Фота Аксаны Манчук